РУС БЕЛ ENG

У госці да паэта

27.04.2022

Сёлета адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. З гэтай нагоды 22 красавіка 2022 года вучні 8,10 класаў і настаўнікі ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Оршы” здзейснілі экскурсію ў філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы “Ляўкі” Аршанскага раёна. Вучні змаглі ўбачыць не толькі дачу Янкі Купалы, але і хату лесніка, асабісты аўтамабіль паэта, пазнаёміліся з экспанатамі, змешчанымі ў музеі. Усім спадабалася сучаснае мультымедыйнае абсталяванне экспазіцыі музея. Яно дае магчымасць глыбей адчуць атмасферу часу і прысутнасць паэта. Кожная музейная зала мае свой голас: песні на словы Купалы, аўдыёзапіс яго голасу, птушыныя спевы. А мультымедыйнае акно, што знаходзіцца ў стылізаваным пакоі лясніцтва 1930-х, дазваляе кінуць позірк на ляўкоўскае бытаванне песняра.

Помнік “Восень паэта”—упадабанае месца для наведвальнікаў Ляўкоў. Кожны мае магчымасць прысесці побач з Янкам Купалам і паглядзець на хараство мясцін, якія памятаюць апошні шлях паэта па роднай беларускай зямлі. І, канечне ж, зрабіць фотаздымак на памяць.

На адваротным шляху мы наведалі асноўную славутасць Копысі – “Пятроўскі вал”. А затым -- маляўнічае мястэчка «Трафімава крыніца», якое знаходзіцца непадалёку ад аграгарадка Александрыя.

Дзякуючы экскурсаводу, якая суправаджала групу па ўсім маршруце, мы даведаліся шмат цікавай інфармацыі, пазнаёміліся з мясцінамі Аршаншчыны, дакрануліся да даўніны.