РУС БЕЛ ENG

Памяць патрэбна не мёртвым – памяць патрэбна жывым

14.02.2022

У памяць аб паўшых воінах-інтэрнацыяналістах на беразе Дняпра ў Оршы ўзведзены ціплы помнік. Сярод імёнаў загінуўшых ёсць імёны выпускнікоў ДУА “Сярэдняя школа №3 г.Оршы” Аляксандра Саса і Міхаіла Сласценкі. У школьным музеі сабраны матэрыял, аформлена экспазіцыя. Падчас экскурсій гучыць расповед пра жыццё хлопцаў, іх службу ў арміі, абставіны гібелі.

Сас Аляксандр Васільевіч нарадзіўся 3 верасня 1961 года. Вучыўся ў  школе добра, захапляўся спортам, быў узнагароджаны пахвальнымі лістамі і дыпломамі. За актыўнасць у грамадскім жыцці быў выбраны старастам класа. Пасля заканчэння 10 класаў працаваў на заводзе “Легмаш”. У кастрычніку 1979 года Аляксандра прызвалі ў рады Савецкай Арміі. Хутка ў складзе групы воінаў быў накіраваны ў Афганістан. 5 ліпеня 1980г. камандзір зенітнага аддзялення, малодшы сяржант Аляксандр Сас, ведучы бой, выявіў групу мяцежнікаў, падпоўз на адлегласць кідка ручной гранаты і знішчыў ворага. Быў цяжка паранены і памёр 7 ліпеня. За мужнасць і гераізм узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём "Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа".

Міхаіл Сямёнавіч Сласценка нарадзіўся 7 жніўня 1949 года ў г.Оршы. Скончыў 8 класаў СШ №3, у 1976 г.— Аршанскі механіка-тэхналагічны тэхнікум. Працаваў на льнозаводзе ў Пскове. У 1968 годзе прызваны ў рады Узброеных Сіл. Пасля дэмабілізацыі працаваў слесарам у аўтакалоне ў Оршы. У 1985г. накіраваны ў Афганістан, быў начальнікам склада. 16 ліпеня 1985г. прапаршчык Сласценка на БТР вёў калону і падарваўся на міне. Пахаваны ў вёсцы Прыдняпроўе. За мужнасць і гераізм узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём "Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа", Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.

Прайшло 33 гады з дня вываду войск з Афганістана. І мы павінны памятаць пра тых, хто не дажыў да гэтага дня, хто з гонарам і да канца застаўся верны салдацкай прысязе. Трэба памятаць.